Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Халімон падсеў на ўслончык, выняў капшук і пачаў вярцець папяросу.

— Мо’ закурыш?

— Давай. Ты ўсё ў воласьць ходзіш, мо’ за зямлёй усё?

— Дзе там — зямлю ня вернеш, прапала ўжо, мусіць…

— Прапала.

— Так хаджу, — то газэтку тут вазьму, а то і справа якая, бяз гэтага нельга. Дый недалёка.

— А як жывецца?

— Ды што жывецца, усё, як на іголках: ні-то рабі што, ні-то чакаць чаго. Аб вайне ў нас усё гавораць. Як у вас тут, — ты-ж пад бокам, ня ведаеш?

— Хто іх ведае? Вайна — ні вайна, але вось з бандытамі, дык валэнданіны хапае. І ўчора злавілі аднаго, ліварверы нёс, аж пяць штук. Білі, ставілі расстрэльваць к паповаму дубу, каб прызнаўся і нічога, — сабе, кажа, купіў… У горад адаслалі. Па другіх мясцох усё воласьці паляць, б’юць. Разьвялося іх, і мы самі баімося. Ці доўга?

— А чаму-ж атрад ня прышлюць у воласьць?

— Прасілі і атрад, дык адмовілі, а тут усё чуткі ідуць, што зьбіраюцца і на нас напасьці.

— Гавораць?

— Ага!

— Чаму-к яны адмовілі? Яно-ж непакойна, могуць бяды нарабіць, сілы тут якія…