ны чалавек! Усё жыцьцё думае, як-бы купцом стаць і ня ўмее, дык на мяне злуе, а за што? Я-ж усё жыцьцё таксама думаю, каб кавалак хлеба мець, і табе ня шкоджу. А што валоку адабралі глупства, яшча-ж адна засталася. У мяне ніводнае няма і то я ня плачу… Нічога. Халімон, я адслужу: організуем у Юшкаве комуну, цябе старшынёй зробім, і ўсе будзем багата жыць.
Вакол зарагаталі.
А Хвядос ужо зноў кусаў яйкі і з шалупкамі еў. Аб Халімоне забыліся. Ён пастаяў крыху і моўчкі адышоў. Абудзілася крыўда моцная, даўняя.
«Ён, гэты басяк, нада мной кпіны строіць. Над гаспадаром і я маўчы!
Чакай-жа я табе пакажу! Ня я буду, калі дарую табе гэта! К-у-пец… Будзеш ты памятаваць!..»
∗
Прымоўкла сяло. Наўкола поўзалі страшныя чуткі аб бандытах. Вакол хтосьці нападаў на вёскі, мястэчкі, рабаваў, паліў воласьці, забіваў комуністых, комсамольцаў, настаўнікаў, яўрэяў. Лес за Юшкавам пахмурнеў, стаяў страшным. Ноччу лесам баяліся ехаць зусім, удзень ёхалі па некалькі фурманак разам.
Хвядос з групай комуністых і комсамольцаў і атрад ЧОН’у ўжо цэлы месяц вартуюць начамі воласьць, абходзяць суседні лес, вёскі. Хвядос заўсёды злосны, маўклівы, насцярожаны.