Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зямлю ўжо выплачу ўсю, няхай… Абгараджу новым частаколам двор, гарод падчышчу… Трэ’ будзе памост новы ў кухні пакласьці і сьцяну паправіць. Групку можна будзе да часу і не чапаць, а потым новай кахлі даць, ці зусім перакласьці…»

Халімон супакойваўся. Цела ахапляла салодкая млявасьць. Роўна і ціха плылі думы, погляд застываў у небе. Потым уздрыгануў. Нечакана пераблыталіся думкі, нешта ўнутры злосна шапнула, што зараз і яго зямля — не яго, валокай купленай карыстаюцца другія, што ў яго гарадзкім доме жыве хтосьці, а ня ён, што прапалі задарма грошы. Чамусьці ўсплыў у памяці сусед — міліцыянэр Хвядос, і ўсю сваю злосьць Халімон накіраваў на яго.

«Усё яны вінаваты: Каб ня погань гэта, жыў-бы даўно ўжо, як чалавек. Надумалі парадкі новыя, басякі, гультаі — комуну заводзяць».

Злосьць расла і расла. Было нейкае хваравітае жаданьне распальваць яе, і Халімон сумысьля стараўся ўявіць, як яго выкідаюць з гарадзкога дому, як у яго забіраюць усё дабро і апошнюю валоку ў якуюсь комуну. Палыхнуў ў сэрцы кіпучы боль…

«Адабралі, зьнішчылі… Пакуль будуць яны, нічога ня будзе… Маёй зямлёй, мазалём маім будзе карыстацца хтось, задарма… Але ні дажджэ ён! Лепш сьмерць, лепш няхай заб’юць, чым Хвядос ці Ахрэм які будуць дабро маё спажываць».

Нэрвуючыся, устаў і пайшоў хуткім крокам дахаты.