Халімон пацягнуўся і лёг. Мацней запахла сена. У галаве паплылі нэрвуючыя думы.
Усе, пакінутыя ў мінулым, гады Халімон жыў толькі думкамі, каб прыдбаць яшчэ валоку зямлі і, разбагацеўшы, купіць у горадзе «плян». Думкі-мары рабіліся рэальнасьцю. У першы год вайны ён даў задатак і пачаў лічыць сваімі ўжо дзьве валокі зямлі. На трэцім годзе вайны ўцякалі галодныя людзі з гораду, прадавалі дабро сваё, хаты. У вайну грошы сталі танейшымі, і Халімон за дзьве тысячы рублёў купіў у горадзе хату і маленькі гарод. І зрабіўся Халімон напалавіну гарадзкім, напалавіну вясковым. З рэволюцыяй — уцёк кудысь уладар маёнтку, і за валоку ня трэ’ было болей плаціць. І зямля, і плян дасталіся лёгка, зьдзейсьніліся неспадзявана мары.
Халімон уваскрашаў у памяці жывы малюнак сваіх нядаўніх, не адышоўшых і зараз, імкненьняў. Усё было так блізка, так магчыма. Потым з часам прыйшло нешта непажаданае, вялізарнае, стала паміж зямлёй, «плянам», і Халімонам, засланіла сабою зямлю і «плян» і пакінула яго ў няведаньні, у безнадзейным чаканьні.
Зараз на поплаве і пах сена сьвежага, і ціша надыходзячай ночы налівалі душу спакоем, адсоўвалі троху ўбок сапраўднасьць, абуджалі і ўзмацнялі веру ў тое, што жаданьні спраўдзяцца.
«А мо’ яшчэ мінецца ўсё гэта, ператрэцца і зноў будзе, як было. Чорт яго бяры, хоць і вернецца пан,