— Ня хочацца жыць горш, чым другія. Каб мне яшчэ валока, не сядзеў-бы я тут. Ведаеш што, куплю я такі зямлі, гэтымі днямі і задатак дам, а там… ня я буду, калі пляну ня мецьму!
∗
Прайшло пяць год…
Сьвежа, лёгка. Над поплавам носіцца пах сьвежа згрэбенага сена. Мяккасьцю сакавітай пахне густы мурог. Хочацца кінуцца ў сёна, паволі закінуць голаву і рукі, ляжаць і марыць…
Халімон утыркнуў граблі ў зямлю, пальцамі пасчышчаў з зуб’я мох, павесіў на граблі пустую завязаную торбу і, азірнуўшы палоску навакол, сеў.
З бакоў палосы густымі сьценамі высокі зялёны алешнік. У доле, мяккі ад густой муравы; ад сьвежасьці лугу і ад надыходзячага зьмярканьня, поплаў. У канцы паласы, дзе старыя голыя тры алешыны, поплаў крута спускаецца ўніз, стварае яму. На дне ямы ў хуткім цячэньні, хаваючыся ў спляценьні муравы, чысты халодны раўчук. А высока ўгары над поплавам, няпрыкметнымі пералівамі ўдзень і ціхімі халоднымі дрыжэньнямі ўночы, паслалася блакітная навесь нябёс. Начамі пераліваецца яна сіньню цёмнай сваёй з бляскам яскравых зорак, злучаецца муцьцю ночы з зямлёю, поўніцца і чаруе глыбінёй неразгаданых таямніц, поўніць думы чалавечыя шырокімі марамі.