та такое, каб разбурыць яго мары, але ён абмежаваўся толькі кароткімі словамі:
— Чаму-ж не, калі ёсьць за што — купіш…
А Халімон, пад уплывам сваіх разважаньняў, цьвёрда наважыў заўтра-ж пайсьці ў маёнтак умовіцца, каб на днях даць і задатак. Уяўлялася багатае жыцьцё, магчымасьці купіць плян. Зрабілася весела.
— А і табе, Хвядос, каб толькі жаданьне, можна-б было жыць…
— Можна-6…
З вуліцы гуртам увайшлі хлопцы. Халімон спаткаў іх ветліва, загаварыў, паказваючы на Хвядоса.
— Мы дома сядзім, а куды годны! Во дзе хлопец, дык хлопец, — як вол, і салдатчына яго не сагнула.
— Салдацкі хлеб моцны.
— А вы паспрабуйце, дзядзька, мо’ ён і не такі ўжо здаровы!
Халімон усьміхнуўся.
— Давай пабораемся, любіў я борацца.
— Не бярыся Халімон, зломіць.
— Ня зломіць, — Халімон на сале рос.
— Давай!
— Давай. Калі я буду на табе, знацца, з цябе, — паўбутэлькі: ты будзеш наверсе — я стаўлю.
Узяліся накрыжкі, затупалі, ладзіліся, каб спрытней узяць друг дружку. Вакол абступілі хлопцы, дзеці.