забітыя, — нібы на начлезе сьпім… Як ты думаеш, пасьля гэтых белых знойдзецца яшчэ хто-небудзь супроць нас? Ім самі ангельцы дапамагаюць. Калі іх падоляць, мне так здаецца, не асьмеліцца другі лезьці?..
І сам адказаў на свае словы.
— На нашу галаву хопіць іх. Гэтага паб’ём — другому дапамагаць будуць. Пакуль усіх не пераможам, не араць нам спакойна, не касіць. Та-ак.
А Голубу хацелася другога.
— Навошта гэтая вайна? Якая ім справа да нашых парадкаў. Нам яны падабаюцца — добра, па іх мы і будуем жыцьцё, а калі вам не да густу — ня трэба. Мушка, ці хацеў-бы ты дадому?
— А ты, хіба ня хочаш? Хацець адно, а ці можна?
— А чаму? А каб уцячы, хіба мала ўцякае?
Мушка павярнуўся тварам да Голуба, глянуў на яго моўчкі, зноў лёг, як і раней, і дадаў.
— І я жыць хочу, працаваць, але каб гэта можна было зрабіць, трэба наперад кончыць з белымі. Куды ўцячы? Ты ўцячэш, я, за намі другія, а яны сьледам і зноў на шыю сядуць. Кончыць трэба, потым дадому… Скінуў-бы ўсё, у аднэй кашулі выйшаў-бы ў поле, зямля дрыжэла-б! Зямлі ў нас зараз во-о, ад паноў адабралі… комуну сваю організавалі-б і жылі…
Гаворачы аб комуне, Мушка захапляўся сваёй гаворкай, цьвёрда верыў у тое, што гаварыў. Ён бяз кніг, з чужых слоў і сваіх думак намаляваў сабе чароўны