Дзякуючы мастацкай вобразнасьці і сялянскай прастацкасьці беларускай мовы, б'ючай сваімі праўдзівымі словамі, Цётка карысталася
вялікім пасьпехам і ўвагай з боку рабочых і сялян. Віленскія рабочыя
расхоплівалі яе вершы і з вялікай цікавасьцю дэклямавалі іх на фабрыках і заводах і, нават, на вуліцах.
Вялікасьць рэволюцыйных падзеяў 1905 году і чаканьне шырокіх
пэрспэктыў выклікалі ў яе душы новыя сілы, новы ўздым рэволюцыйнае
творчасьці, знайшоўшы водгук у псыхолёгіі мас. Вяшчуны рэволюцыі
1905 г.—вялізарныя рабочыя дэмонстрацыі, растрэльваемыя царскім урадам—і наогул уся расійская рэволюцыя вобразна выяўлены ў вершы
„Мора":
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б’юць.
Мейсцам хваля стогнам рыкне,
Мейсцам плач сарвецца з губ,
Мейсцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі сьвяты сон.
Б’ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
Трон дрыжыць, ня сьпяць прарокі,
Бог склікае сьвяты сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусьціць у ход.
Бой пачаўся. Войска Бога
Залпам паліць ў горды хвіль...
Мільён згіне, – нова змога
Расьце крэпка праз сто міль.
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт.
Не адступяць войскі Бога...
Бой пачаўся не на жарт.
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасьць,
Ў такім баю толькі грэцца!
Ў такім баю толькі пасьць!
|