Перайсці да зместу

Старонка:Хвоі гавораць (1926).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Конь мой белы закульгавеў, то няма як ехаць мне сягоньня. Дык ты, братка, пастаў мне кватэрку, калі маеш грошы, бо ў мяне якраз сягоньня няма. Я табе аддам…

— Хадзем, — рашуча сказаў Зынга, махнуўшы на бок галавою й рукою.

— Удвух?

— Удвух.

— Праўда?

— А я што, не магу йсьці з табою?.. Я-ж табе казаў, набаўлю табе рубель за кватэру, бо не такі я чалавек… Сягоньня мне выдалі за работу грошы, і я ня скнара якая-небудзь!

Яны пайшлі, і Зынга ўсё гаварыў. Дайшоўшы да піўной, ён раптам прыпыніўся ў задумленьні; былі ў яго думкі даць Пляцінскаму грошай на гарэлку, а самому вярнуцца дадому, пакуль яшчэ ня позна, але пачуў у піўной знаёмыя галасы і адчуў вялікі смутак, што няма ў яго гармоньні.

— Ну, ты што? — тузянуў яго за рукаў Пляцінскі.

— Хадзем, братка! — адказаў Зынга й палез на ганак.

Там яны сядзелі з Пляцінскім за поўнач, дадому йшлі абняўшыся, пакуль дайшлі, некалькі раз лаяліся, многа раз цалаваліся і нарэшце заснулі на аднэй пасьцелі ў Пляцінскага.