Перайсці да зместу

Старонка:Хвоі гавораць (1926).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

блізка абазваліся сьвісткі. І гэта на яснай ціхай зямлі.

Захар Зынга быў ахвачан вострым настроем. Нешта цягнула яго йсьці некуды, нешта рабіць ці глядзець на што. І ён пайшоў туды, за горад. А там поезд падыходзіў да гораду.

Грымела жалеза магутнымі гімнамі, і далячынь, і бясконцасьць была ў жоўтай дарозе.

З лёгкасьцю нейкаю ён стаяў на адным месцы, хацелася яму самому тут дзейнічаць, чым найвялікш выявіць сябе перад усімі ці разам з усімі…

Насустрэч яму па дарозе бегла Рыта, вясёлая й прыгожая, з глыбокімі адзнакамі на твары частых думак, але з маладою гульлівасьцю ў постаці.

— Ты адкуль? — запытаў ён.

— Гуляць хадзіла.

— Адна?

— Тата, — сказала яна, — хадзем, я табе скажу.

Яму здалося, што яна нешта нядобрае яму скажа, і спахмурнеў трохі, устрывожыўся нейк, а пасьля раптам аформілася выразна ў яго думка, што добра-ж вельмі, што піць ён пакінуў.

— Гавары, ну…

— Я паеду адсюль. У суседні горад мяне на работу пасылаюць…