— Мне нічога. Што мне! Я ня п'ю.
— Ну й маладзец! — сярдзіта сказаў Дзяніс.
Каб заспакоіць яго й выказаць яму нейкую шчырасьць, якая раптам зьявілася, Зынга сказаў:
— Я табе, калі хочаш, прыбаўлю рубель за кватэру.
— І добра зробіш, — адказаў Дзяніс Пляцінскі, крыва ўсьміхнуўшыся ад недавер'я.
— Папраўдзе рубель накіну.
— Ты гэта не жартуеш?
— Не.
— Эх, брат ты мой! — разгаварыўся Пляцінскі, напоўніўшыся раптам нейкай, мала калі вядомай яму шчырасьцю, — жывом мы, брат, з табою разам. Праўда ці не?
— Праўда…
— Жывом мы з табою, значыцца, разам; даўно мы жывом разам. Я аб гэтым часта сяджу і думаю. Яй богу, братка, думаю… Ведаеш што, хадзем — я пастаўлю поўбутэлькі…
З вялікай цяжкасьцю перамагаючы спакусу, Зынга адмовіўся.
— Ага-га, ты ня хочаш, — сказаў тады Дзяніс Пляцінскі, — ня хочаш, значыць, са мною выпіць… Так-так, ня хочаш, значыць, ага, я ведаю… Ідзі сабе…
Зынга пайшоў.