Задумёная і нейкая кволая ў перад-вячэрнім змроку, яна часта стаяла пры клюбных вокнах, гледзячы ўніз у далячынь, пакуль больш зьбіралася вакол яе людзей. Тады бяз трывогі й вострых думак праходзіў вечар. Толькі, як ідучы дадому, спускалася яна з усходаў на вуліцу, прыкра і сумна ёй рабіліся праразьлівыя зыкі бацькаўскай гармоньні. Тады нейкая трывога апаноўвала ёю…
У тую ноч, як Захар Зынга піў і цалаваўся з Дзянісам Пляцінскім, Рыце нездаровілася й ад гэтага вастрэйшымі былі адчуваньні і думкі.
За сьцяной крактаў Пляцінскі, а яна, палажыўшы бацьку, доўга не магла заснуць. Крыўда ад нечага й перад нейкім узбуджвала ў ёй нэрвовасьць, яна доўга ляжала не варушачыся, пасьля запаліла агонь, прабавала сядзець, хадзіць па дварэ, зноў лажыцца і перад самым днём ня вытрымала й заплакала. Зьявілася раптам варожасьць да бацькі, яна пабудзіла яго, каб сказаць, што сягоньня раней ідзе на работу; ідзе цяпер-жа, абы ня бачыць ні гэтых сьцен ні яго. Тады нейкая трывога зьявілася на яго п'яным яшчэ, змучаным твары. Сапучы перагарам гарэлкі і стогнучы, ён узвалокся на ногі; шатаючыся ў бакі, прайшоў да дзьвярэй і назад. Нейкая ўпартая рашучасьць была цяпер у гэтай высокай і памятай постаці. Ён рап-