Перайсці да зместу

Старонка:Хвоі гавораць (1926).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У вокан гэтых часта стаяла Рыта адвячоркам і глядзела туды ўніз.

І дарогі тыя і сінь былі ёй знаёмымі з малых дзён і цяпер, кожны дзень была там яна з лапатаю на рабоце каля чыгункі… А раз, даўно ўжо, бацька, Захар Зынга, прышоўшы дадому позна з піўной, п'яны і моцна там пабіты, расказаў ёй, што і маці яе была родам адтуль; гаворка з бацькам у тую ноч была новай для Рыты, яна некалькі дзён пасьля яе ўсё думала аб бацьку, старалася вызваць у сваім выабражэньні постаць нязнанай мацеры, старалася і не магла. І пасьля гэтага пачала яна мяшаць свае дзявочыя мары з думкамі…

Прышоўшы пад вечар з работы, яна была трохі дома адна, пасьля йшла сюды да гэтых вокан, а як цямнела, зноў была адна дома і калі вельмі позна ня было бацькі — ішла па яго ў піўную.

Раз у такую ноч яна прывяла яго дадому пабітага, знайшоўшы яго на ганку. Ён усю ноч стагнаў, а назаўтра ня ўстаў з пасьцелі. І яна, пайшоўшы на работу, першы раз адчула да яго нейкае, нявыяўленае раней замілаваньне дачкі да хворага бацькі. Вечарам, кормячы яго, яна першы раз плакала над ім і ўгаварвала пакінуць піць, а ён маўчаў, часта вінавата моргаў чырвонымі вачыма і здаваўся сам сабе грубым,