Як-бы што прыпамінаючы, Дзяніс пачаў варочацца і ўсё крактаў, як з-пад якога-небудзь цяжару:
— Калі гуль-ляць, дык гуляць!.. Душа хоча… Праўда ці не?!
У тую ноч ён ня выехаў на сваю работу з бочкаю, і коні яго, недагледжаныя, старыя і такія-ж каравыя, як і іх гаспадар, стаялі ў хляве і церліся шыямі аб сьцяну.
Ноч была цёмная і мокрая.
III
З высокіх і сьветлых вокан клюбу чыгуначнікаў відаць было канцавыя будынкі гораду, пуціны чыгункі, выходзіўшыя далёка ў поле і само поле — у кустох, канавах і дарогах, з шырынёю да сініх лясоў. У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, далі там былі дымна-сінімі і вузкімі істужкамі блыталіся дарогі. Некалькі раз у дзень з жалезным грукатам імчаліся ў гэтую сінюю шырыню з гораду паязды, некалькі раз прыходзілі адтуль у горад — і гэта была адмысловая вялікасьць і сіла. Жалезны грукат, раптам зьявіўшыся сярод роўнасьці поля, парушаў яго ціш і задуменнасьць, — хараство травы і шэрай зямлі зьмянялася хараством жалеза…