прайшлі ў пакойчык Пляцінскага, сяк-так прымайстраваліся там на скрыпучым ложку, дасталі аднекуль бутэльку гарэлкі і пачалі піць… Нешта бармочучы, кожны з іх хацеў выказаць нейкую думку, ды ня мог… Так яны пілі, барматалі і цалаваліся раз-по-разу, пакуль Пляцінскі не зваліўся там, дзе сядзеў.
Увайшла Рыта — нізкая і белатварая дзяўчына. Сьветлая спадніца густымі фалдамі ападала ў яе вакол ног; у постаці яе была маўклівасьць чалавека, прывыкшага да такіх малюнкаў. Яна моўчкі штурханула бацьку ў плячо, той з нейкім дзіцячым паслушэнствам пачаў паднімацца. Трымаючы яго за плячо, Рыта павяла яго дадому. Пляцінскі-ж застаўся адзін. Ён зьехаў з ложка на зямлю, нейк бокам пасядзеў трохі на ёй, памахаў рукою і лёг… Грузна і шырока ляжаў ён на заплёванай падлозе. Плечы яго, абцягненыя шэрым сукном старой вопраткі, уяўляліся, як нешта прыніжанае і фантастычнае. Рыжаватая густая барада, пераблытаная з вусамі, здавалася ўросшай у падлогу. Ляжаў ён круглым, памятым тварам у зямлю…
Холадна было ў хаце, і зноў увайшла Рыта і запаліла яму ў печы. Агонь асьвяціў яго чырвоным сьветам, а за вокнамі гусьціўся вечар.