Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама сьмяюцца яму ясныя дні.
Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну і журацца дні над сьвежай ральлёю і над балотнай сухой асакою...
Мы выбіраем позьнюю бульбу.
З пахучых зямной вільгацьцю загонаў мне відно, як за шупшынавымі межамі клапоціцца дзядзька Язэп — нешта там камандуе моцна, а бабы са сьмехам сыплюць кашамі на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, і яны заскрыпелі так, што пачуў і азірнуўся дзядзька Язэп.
— Пачакай! — крычыць ён мне.
Я чакаю і гляджу, як ён грузна і шырока ступае вялізнымі ботамі і тузае лейцы. Пхае плячом у аглабіну, нейкая дзяўчына выводзіць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, і дзядзька Язэп весела камандуе:
— Па хвасьце, па хвасьце!..
Там паднімаецца рогат, а дзядзька Язэп выкіроўвае воз на дарогу...
І вось мы поплеч ідзём каля вазоў па вузенькай, каляістай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохі аб восені і жураўлёх, пасьля расказаў, як некаторага году адбіўся быў ад свае чарады малады бусел, ня ведаў куды ля-