— Каморнік? — сказаў ціха дзядзька Язэп, ківаючы галавою ў бок цёмнае пары.
— Ён.
І мы маўчалі, а я думаў:
„Дося зусім маладзенькая і яна, скажам, ня можа разьбірацца ў сваіх пачуцьцях і ў людзях. Але й няўжо сам дзядзька Язэп адстаўляе мяне на другарадны плян і няўжо толькі затым, што той студэнт?“
Ад гэтых думак нешта ўсю ноч і цяпер скрабе мяне за сэрца. Хочацца йсьці некуды, нешта рабіць важнае, нешта большае, чым ляжаць тут, на гэтай дарозе.
Я нэрвова ўсхватваюся й сам ня ведаю, для чаго, аглядаю нядаўна завораны мною загон. Па ім спацыруюць вароны, нешта клююць і крычаць. Мне таксама хочацца крычаць і сьпяваць. Ва мне варушыцца напеў песьні:
|
Ды за таго шастака |
У маіх перажываннях шырока раптам выплывае хор, які сьпяваў гэтую песьню; быў я ў горадзе, сядзеў вечарам у тэатры і слухаў. Гэта было захапленьне бязьмежным, нічым і нікім ня прыціснутым і ня ўзятым пад мізэрную хітрасьць. Так, як цяпер думкі аб Досі мучаць...
Якая мне можа быць работа дома адвячоркам?
Я саджуся й думаю.