Перайсці да зместу

Старонка:Хвоі гавораць (1926).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэта прасіў праўшчык фартап'янаў.

Абцёршы вусы, ён яшчэ выпіў, паднёс шклянку Зынгу і яшчэ выпіў сам. Зынга нарыхтаваўся.

— Слухай!..

Зынга расьцягнуў гармоньню, а той засьпяваў.

Р-р-размалюю прачындалы.
Р-р-разьнясу ўсе прыстр-ройкі…

— Ты што за злыбеду сьпяваеш, эй ты!.. — гукнуў Пруткевіч.

— Зынга, не падыгрывай яму!

А той змоўк, плюнуў, абцёр вусы і залепятаў сьмешным голасам і п'яным мотывам тое самае.

Пруткевіч сарваўся з месца, схваціў яго за плечы, падняў вышэй стала, грукнуў яго нагамі па падлозе і, патрасаючы ім у такт, страшнаю актаваю зароў:

Дзед б-боб-б малаціў
Б-баб-а падсявала…

Зынга, радасны, з усіх сіл рэзнуў на гармоньні гэты мотыў, а Пруткевіч, адкінуўшы ў бок праўшчыка фартап'янаў, пайшоў трапака.

Тады зьявіўся буфэтчык і яшчэ двое з ім і пачалі разганяць вясельле.