Гэта старонка не была вычытаная
25.III.1918
Як на нашай Русі Белай
Сталі звоны моцна біць
Й аб пабедзі думы сьмелай
Сталі звонка гаварыць:
Задрыжэлі сёлы й вёскі,
Задрыжэў нат слаўны Менск,
Задрыжэлі ўсе палоскі
Ад Асоўца пад Смаленск.
Едзе Люд на Веча Славы,
Едзе Люд вітаць байцоў
І фундамант для Дзяржавы
Сьвеціць звычаем айцоў.
Загудзелі звоны ў вежах,
Распусьціўся ў сэрцах Май
І ў абшырных нашых межах
Загрымела: "Вольны Край!"...
Як на нашай Русі Белай
Нахлынула ўража раць,
З табуна арды зьдзічэлай
Ўчулась: "біць і рабаваць!"...
Занямелі сёлы й вёскі,
Занямеў нат слаўны Менск,
Занямелі ўсе палоскі
Ад Асоўца пад Смаленск.
Млее бацька каля печы,
У вастрогах гіне сын,
Змоўк у вежы звон аб Вечы,
Зноў над намі панскі чын.