гультаежліва падымаў і апускаў свае непаваротлівыя лапы, усё роўна, як за каўнерам іх нешта кусала. Дарога, ідучы ў лес, станавілася гладкай і роўнай. Конік вясёла пырхаў і рэзва перабіраў сваймі тоўстымі нагамі. Аднатонны шум лесу закалыхіваў памаленьку Паўлюковыя думкі і спакоіў яго душу. Паўлюк дастаў кісэт, падарунак жонкі, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрасіў агню і закурыў. Сіняваты дымок уздымаўся клубочкамі па сьвежым паветры і борзда прападаў, а разам з ім прападалі і трывожныя думкі Паўлюка. Цяпер Паўлюк быў спакоен, як чалавек, які цьвёрда, раз на заўсёды, пастанавіў сабе вядомую мэту.
A правучыць гада ня шкодзіць! — закончыў Паўлюк сваю раздуму аб Сучынскім і грозна пагнаў свайго коніка.
Яшчэ за паўвярсты ад мястэчка Паўлюка сустрэла жыдоўка з трыма пеўнямі пад пахай і запытала:
— Цалавек! моза маес сто на продаз?
Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў. З усіх старон у мястэчка паўзьлі, як мурашкі, хурманкі і вязьлі розныя тавары. Усё места было ўжо ўстаўлена вазамі. Між гэтых вазоў прабіраўся Паўлюк да свайго зямляцтва. Там было ўжо многа мужчын і жонак з іх сяла. Залажыўшы ў кішэні рукі, з люлькаю ў зубох стаяў каля сваіх саней Антось Дубок, голасна гаварыў, рагатаў раскацістым сьмехам і ўсякаму, хто з ім не згаджаўся, сьмела кідаў:
— А ну, давай заложымся!
Але ахвотнікаў ісьці з ім у заклад ня было, а некаторыя проста раілі Антосю Дубку залажыць за губу рэч ня надта самавітую.
— Во! — весела крычаў Антось: — збаяўся! — і выставіўшы жывот-ночвы, закідаў угару галаву і зноў рагатаў. Паўлюк спыніўся, выпраг каня, павесіў яму торбу з сечкай і азірнуўся. Народу было поўнае места, але настаяшчы торг яшчэ не пачынаўся. Увесь рынак можна было падзяліць на некалькі малых рынкаў. Кожная вёска занімала асобнае месца, куды і прывозіла свае тавары. У вадным месцы стаялі вазы з цэбрамі, ражкамі, паўвасьмінамі; у другім — з дровамі, дошкамі; у трэ-