Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У першую нядзельку адлажыў Паўлюк паўрубель грошай на гарэлку, якую ён вып‘е з Сучынскім, запрог коніка і ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохі было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосьць яго стала праходзіць, і ён гатоў ужо быў плюнуць і на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб‘езчык, і на самога аб‘езчыка. Але, як ён у той час выяжджаў са двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:

— Зайдзі, Паўлюк, у лясьніцтва і вазьмі асыгнату, бо скора ня будзе чым выпаліць у печы: скінулі-ж табе на каморы дровы.

Як шылам, парнулі Паўлюка гэтыя дровы.

— Але! гэта-ж я й забыўся, што дроў няма ні палена, — сказаў Паўлюк і ўзяўся за кішэню; абмацаў паўрубель, завязаны ў анучыну, той паўрубель, які назначаны быў споўніць такое важнае назначэньне. У другім вузельчыку ляжалі два злоты на крупы, саракоўка на тараны і селядцы; залатоўка на соль і газу; дзьве дзесяткі і чатыры грошы на вобмешку япручку і яшчэ некалькі медзякоў на тытун і запалкі.

А за што ўзяць асыгату на дровы? Хіба за гэты паўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сьцебануў пугаю каня і паехаў сярдзіты і недавольны. Зноў ня было спакою на душы ў Паўлюка, зноў прад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, аб‘езчык, камора.

— Хіба ты скрозь землю правалішся! Будзеш ты ў мяне помніць гэта палена: бокам яно табе вылезе, — гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.

Невясёлыя думкі насіліся ў Паўлюковай галаве. І навокал было так нярадасна і няпрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, зьмятаў з узгоркаў сьнег і агаляў пяшчаныя іх скаты. Дзе-нідзе ў полі па межах стаялі адзінокія грушы і сіротліва махалі сваймі голымі галінамі, пацёпваючыся, як пажылыя кабеты з холаду. Там і сям параскідаліся па полі каменьні, як сьвіньні, і маўчліва ляжалі і мерзьлі на марозе.

„Ім усё роўна, цяпло ці холад. Скаці іх на загон, — будуць ляжаць на загоне, нікому не пажаляцца на сваю долю“, думаў Паўлюк, пазіраючы на гэтыя каменьні. Малады хвойнік рэзка выдзяляўся сваімі зялёнымі вярхамі на сьнежным полі і