Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прыходзіць да Паўлюка Сьцёпка пазычыць паўвасьміны. Затрымаўся трохі, разгаварыліся. А Сьцёпка якраз быў у нядзельку на рынку, хадзіў з жонкай купляць лён.

От і расказвае Сьцёпка, як у хаце крамніка Хацкеля сяляне пабілі поліцейскага стражніка. Пятрусь Камар з Яблонаўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зашлі да Хацкеля выпіць па чарцы… Ну, ці мала які можа быць у людзей інтэрас? Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за якім сядзелі Пятрусь з Мікітай, — прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Ня гнаць-жа чалавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І ў стражніка была гэта вантроба, і ён таксама быў ня промах нашчот гарэлкі, асабліва, калі гарэлка гэта нічога не каштуе.

Выпілі адну паўпляшку, выпілі другую, разьвязаліся языкі, зьявілася і рызыка.

— Ну, што-ж? — гаворыць Мікіта стражніку: — ты з намі піў, стаў цяпер і ты.

— А ты знаеш, з кім ты гаворыш? — пытае стражнік.

— Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць, якая ты штука, — адказвае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.

Слова за слова, завязалася сварка, а потым і бойка. Стражнік хацеў хапіць шаблю, але Патрусь, як клешчамі, сьціснуў яго за плечы.

— Нічога не паможа табе гэта трапло, — гаворыць Пятрусь, ды разам з Мікітай павалілі яго на зямлю і давай мясіць. Зьбілі на горкі яблык. А Мікіта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблі, сказаўшы:

— Добра будзе вушкі паўстаўляць у лапці.

Паўлюк слухаў, не прапусьціўшы ніводнага слова.

— І суду ня будзе?! — спытаўся ён.

— Які суд? Чалавек ты! Пабіліся п‘яныя, от і ўсё, — гаворыць сусед.

Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прышла ў галаву мысьль, якую ён так доўга шукаў і ня мог знайсьці.

V

Спосаб быў знойдзен.

Цяпер астаецца залучыць на кірмашы аб‘езчыка, завясьці яго куды-небудзь да Хацкеля ці Каца, напаіць, і тады можна будзе парахавацца.