Малоціць Паўлюк, а думкі так і варушацца ў яго галаве. Думалася пра сон, — ніяк ён ня выходзіў з галавы, пра аб‘езчыка Сучынскага, аб тым, як і дзе яго злавіць і хоць бы ў смак паабіць гада. Забудзецца Паўлюк, думаючы аб Сучынскім, і так пачынае жарыць цапам, што сноп падскоквае ўгару. Паўлюк у гэты момант думае аб тым, як ён біў-бы Сучынскага. Зьвязвае куль, і яму здаецца, што ён паваліў аб‘езчыка і душыць яго. Паўлюк забываецца да таго, што перавясла трашчыць у яго руках і рвецца. Потым Паўлюка пачынае займаць думка, як залучыць аб‘езчыка ў свае лапы.
Папільнаваць яго ў лесе? Дык чорт-жа яго ведае, калі ён будзе ехаць або ісьці, ды ў лесе яшчэ хто наткнецца, а пры людзях такія справы ня робяцца.
Падгаварыць хіба навабранцаў, каб аб‘юшылі яго, як будуць ісьці на прызыў. Але для гэтага трэба ня менш гарца гарэлкі дый трудна зрабіць так, каб людзі ня зналі яго намовы. Не! калі рабіць, дык трэба зрабіць гладка, так, каб і камар носа не падтачыў.
А як зрабіць?
І зноў завярцеліся Паўлюковыя мазгі, пашлі выдумліваць хітрыя сеці, у якіх павінен быў заблутацца Сучынскі.
А каб проста падпаліць гада?
Што-ж? падпаліць ня штука, але ці хваціць розуму і хітрасьці схаваць канцы ў воду? Ды што ў яго ёсьць? Згарыць будынак, дык будынак скарбовы, на руку будзе скарбу: страхоўку возьмуць і яшчэ падзякуюць, а самога зловяць — і прашчай крама з таварамі! Паўлюку ўжо страшна стала, як успомніў, як білі і засудзілі за падпал Трахіма Скарача. Не! і гэта не гадзіцца. І яшчэ многа спосабаў перадумаў Паўлюк, ды ніводзін не здавольваў яго.
Нічога ня прыдумаў Паўлюк за ўсю раніцу. І злосьць яго брала, што нічым не дапячэш Сучынскага. Але яму тут памог сусед, Сьцёпка Навой; памог зьнячэўку і ў мысьлях ня маючы таго.
Гэта было ў панядзелак.