ТОЎСТАЕ ПАЛЕНА
— He! я яго такі жыцьця рашу. У катаргу пайду, а галаву яму скручу!
Злосна прашоўся Паўлюк па хаце і з сілаю шпурнуў на лаву рукавіцы.
Жонка, стоячы з вілкамі каля печы, так і застыла. У чыгунчыку пабегла зацірка, а яна ўсё стаіць, слухае, чаго крычыць Паўлюк і хто яго так угнявіў.
Паўлюк Трывай толькі што прыехаў з лесу. І трэба-ж было чэрцям нагнаць на гэты час аб‘езчыка на камору! Знашоў адно паленца таўсьцейшае проці меры, і ён з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў!
— А каб на цябе ліха абярнулася, трасца тваёй матары, гад ты печаны! Каб табе мазгі зьвярнуліся! — ніяк ня мог успакоіцца Паўлюк.
— Гэта ўсё Сучынскі? — пытае жонка.
— А няўжо-ж хто. Ён!
— От гад! Праўдзівы сабака. Вельмі верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш міласьць заслужыш у князя? А як-жа! Расчыняй губу!
Паўлюк тымчасам сьціх.
Сядзіць над міскай з гарачым квасам і думае, відаць, важную думку, бо ўжо заметна было, як хадзілі яго сківіцы: ня так проста, як звычайна, а нейк трохі наўкруг, як жорны.
І праўда — Паўлюк думаў. Думаў, як злавіць Сучынскага і паказаць яму гэта палена на яго ўласнай скуры.
Прашло ўжо з тыдзень часу, а злосьць Паўлюка на аб‘езчыка Сучынскага ўсё не астывае. Дый як ёй астыць, ска-