ложка данасілася мернае сапеньне яго жонкі, ды з-за сьцяны Грыгор не пераставаў спраўляць ігрышча.
— І скочкі іх ня кусаюць, — пазайздросьціў ім пісар і зноў патушыў сьвечку.
Колькі моманту пісар ляжаў з адкрытымі вачыма. Сон ужо ня йшоў да яго. Але памаленьку ён зноў пачынаў сьцішвацца; напалоханыя блохі прытаіліся і покі што не чапалі пісара, і ён ужо забываў пра іх. Як-бы гэтага толькі яны й чакалі: толькі што ён павярнуўся на другі бок, як нешта крэпка- пякуча ўкусіла яго за жывот. Пісар увесь аж падскочыў.
— Ах, каб вас халера ўзяла! — лаяўся пісар. А тут за сьцягняк як утне.
— Бадай вас маланка папаліла, а бадай вас пярун пабіў! — сярдзіта бубніў пісар і варочаўся, як мянёк на скаварадзе. Цяпер пісар не пасьпяваў чухаць пакусаныя месцы. Усюды яго цялі: за ногі, за рукі, за сьпіну й бакі. Павёўшы праваю рукою па левым баку, пісар абмацаў нешта і крэпка прыдушыў пальцам.
— Трасцу ты цяпер выкруцішся! — злорадасным голасам гаварыў пісар.
Схапіць у пальцы ён не адважыўся, бо чуў, што варта толькі зьмяніць палажэньне пальца, як яго здабыча ўцячэ. А пусьціць яе шкада: яна адна можа дваццаць раз укусіла яго. Трэба злавіць, брыду, і хоць пазьдзеквацца з яе.
Якраз прачнулася і жонка.
— Ты ня сьпіш, Оля? — пытае пісар жонку, не адымаючы рукі.
— He!
— Дык устань, брат, запалі сьвечку і падыйдзі сюды.
— Што там у цябе?
— А вось ідзі — будзеш ведаць.
Жонка паднялася з пасьцелі.
Запаліўшы сьвечку і зірнуўшы на пісара, як ён трымаўся за бок, жонка была спалохалася. Але пісар быў здароў, бо пазіраў вясёла, як і ўсякі, хто злавіў злодзея.
— Ты ведаеш, Оля, качаюся гадзін дзьве, ніяк не засну. Блох у нас, як пяску. А цяпер я нешта злавіў, і чорт яго ведае што.