Але чуць толькі стаў ён драмаць, як па яго сьпіне борзьдзенька прасунулася маленькая, чорная, жвавая жывёлка, усё роўна, як там закраўся чарток і паказытаў яго каласком.
Пісар цопнуў усёй жменяй па тым месцы, дзе прапоўз няпрошаны госьць, моцна націснуўшы на сьпіну. Маленькі вораг пстрыкнуў і прапаў.
Чутачку счакаўшы, зноў пачуў пісар лёгкі сьверб, ужо на назе, як-бы хто запускаў туды павольненька тонкую голачку. Прыгнуўшы нагу, каб спрытней было злавіць скочку, пісар раптам накрыў пальцамі сьвярбеўшае месца і, крэпка паціснуўшы, павёў па назе. Праклятая жывёлка зноў уцякла. He пасьпеў ён як мае быць пачухаць нагу, як у яго засьвярбеў зразу і карк і бок, цяпер ужо шмат мацней, як-бы яго секанулі крапівою. Сон пісараў адразу прапаў.
— Бадай вас агонь высмаліў, як вы смаліце, — сказаў пісар, з сілаю хапаючыся за карк.
Пісараў карк быў валасаты. Ловячы блыху, ён няўмысьля скрабянуў сябе за валасы, ды так моцна, што чуць ня крыкнуў ад болю. Гэтак, бывала, як ён быў малы, нябожчык дзядзька яго паказваў яму, „як даюць квасу“. Уся гэта гісторыя кончылася тым, што пісар узлаваўся.
— А, каб вас маланка папаліла! — сказаў ён і падняўся.
Абмацаўшы на століку запалкі, пісар запаліў сьвечку адвярнуў коўдру. Жвавыя скочкі разам скаканулі ва ўсе бакі і пахаваліся; толькі адна разы тры кульнулася па падушцы, i пісар разы тры накрываў яе рукою, але спрытная скочка кожны раз шчасьліва выкручвалася ад сярдзітай пісараўскай рукі. Ператрос ён усе бэбахі на пасьцелі, але нічога не злавіў. Хоць-бы адна гадаўка папалася, хоць-бы злосьць спагнаў. Абрэвізаваўшы пасьцель і ўласныя пазухі, пісар зірнуў на сьцяну. Там павольна, не сьпяшаючыся, поўз клоп. Здавалася, што ён сабраўся ў вялікую дарогу, толькі што ня было ў яго палкі і клумка.
— А, гад! А пашпарт у цябе ёсьць? — спытаўся пісар і падскварыў яго сьвечкаю.
Падняўшы сьвечку ўгору, пісар азірнуў увесь пакой. Праз вокны глядзела чорная ноч. Вакол была ціха. Толькі з другога