Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ЗЛАВІЎ

Дапісаўшы апошні радок прызыўных сьпіскаў, пісар, Павал Дурундовіч, разагнуў сьпіну і далёка працягнуў пад сталом ногі.

— Канец, і пісару слава! — сказаў пісар і шпурнуў на стол ручку. Зірнуўшы на гадзіньнік, ён борзда падняўся, сказаўшы:

— О-о-о!

Было каля поўначы. Стораж Грыгор даўно ўжо спаў, разваліўшыся на падлозе зборнай каля дзьвярэй. З таго кутка, дзе ён спаў, няслося столькі ўсялякіх зыкаў, што трудна было паверыць, каб гэтыя зыкі выляталі з аднаго чалавека.

Цяпер толькі пісар зьвярнуў на гэта увагу і, зачыняючы шафу, сказаў, зірнуўшы ў бок стоража:

— Маладзец: сам іграе і сам сабе ўтурыць! ігрышча дый годзі!

У спальні пісара даўно ўжо чакаў ложак з мяккім матрацам і з высока ўзьбітымі падушкамі. Запаліўшы сьвечку, пісар разьдзеўся і лёг у пасьцель, згайдануўшыся разоў пару.

— Харашо, чорт вазьмі! — сказаў пісар, пацягваючыся, і прыемнае пачуваньне агульнага здаваленьня ахінула ўсё яго цела.

Патушыўшы сьвечку, пісар да грудзей толькі нацягнуў лёгкую коўдру, бо на дварэ і ў хаце было душна, як у лазьні.

Колькі мінут пісар ляжаў спакойна, думаючы аб сім і тым. Яму было добра: няпрыемная работа — прызыўныя сьпіскі — закончаны: земскі начальнік знашоў усё ў парадку; рэвізія таксама нічога кепскага не знашла. Адным словам, пісар папаў у тую паласу жыцьця, калі чалавеку шанцуе і ўсё ідзе, як па пісанаму. І сон, салодкі сон, з мінуты на мінуту гатоў быў замкнуць яму вочы.