Панастаяшчаму варта было плюнуць у морду і ўсё.
Сьпірыдон хадзіў з вугла ў вугал. У жываце было пуста, як у беднага гаспадара ў засеку вясною, моташна, як у каталажцы.
Зноў зашуршэлі паперкі ў шкапіку, зноў пачаў перабіраць іх Сьпірыдон. Знашоў ён ранішнюю скарынку і кусок каўбасы. Хлеб скрыпеў у зубох, як нямазанае кола. Каўбаса ніяк не жавалася; толькі сьліна цякла, а толку ня было. Выплюнуў яе Сьпірыдон у руку, паглядзеў, размахнуўся і ляпнуў ёю з-за пляча вобземлю, яшчэ і камашам прыдавіў.
Злосьць апанавала Сьпірыдона. Ну, і жыцьцё, каб ты спруцянела! Сьпірыдон прысеў каля стала. Колькі мінут сядзеў ён не варушачыся. Потым вочы яго падняліся і зірнулі ў люстэрка.
— У-у-у! мардасіна!
Можа-б і абышлося ўсё, бура ўляглася-б і Сьпірыдон заспакоіўся-б, але гэты прахвост, нос, як зумыслу, зноў засьвярбеў таксама, як і раніцай.
— Не, брат! Няма дурных! — злорадна сказаў Сьпірыдон.
Задраў ён угару галаву, прыплюшчыў крыху, вочы, — нос яго са страху зморшчыўся так, што і зубы выскаліліся. Потым прыгну́ў Сьпірыдон сярэдні палец правай рукі да вялікага пальца.
— Троп! троп! троп! — паняслося па пустой кватэры.
— Так табе і трэба, ашуканцу! — сказаў Сьпірыдон, даўшы тры пстрычкі ў свой уласны нос.