Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Невядома, да чаго дашоў-бы Сьпірыдон у сваіх думках, каб не адна праява, якая пакіравала і думкі і ўсю энэргію Сьпірыдона ў другі бок.

І вось з чаго ўсё гэта зачалося. Сьпірыдонаў нос — тут і мудруй, як хочаш — ні з таго, ні з сяго ўзяў ды засьвярбеў, засьвярбеў моцна, станоўка, зацяжна. Можа ён палічыў сябе пакрыўджаным відочным зьневажэньнем свайго гаспадара, які, пазіраючыся ў люстэрку, умудраваўся не замячаць такую важную асобу, якою быў ён — Сьпірыдонаў нос. Каму-ж міла такая няўвага. І вось гэты самы нос і напомніў свайму гаспадару, што ён, нос, не для якіх-небудзь жартаў займае сваё месца, што ён не дармаед і не батрак, а шчыры прыяцель і верны член у сям‘і другіх членаў чалавечага цела, і што ён ня толькі нюхае ўсякую дрэнь і трымае соплі, а і яшчэ што-небудзь значыць. А які выпівака ня ведае, што азначае сьверб носа!

Ведаў гэта і Сьпірыдон. Ня ўсьпеў нос кончыць сьвярбець, як ужо прад вачыма Сьпірыдона ўстала бутэлька і чарка і мілая кампанія. Яшчэ ня было такога здарэньня, каб яго нос сьвярбеў калі так, на ўзьві-вецер.

Няпраўду кажуць, калі гавораць, што дзьве работы за раз рабіць ня будзеш. Сьпірыдон і аб гарэлцы думаў і нос чухаў. Чухаў яго Сьпірыдон далікатна, бокам пальца, а ня кіпцем, потым правёў па ім разоў колькі рукавом кашулі. А нос усё сьвярбеў на радасьць канцылярыстаму. Тады Сьпірыдон, прыцягнуўшы дзяругу, стаў шаргаць па ёй носам направа і налева, як шаруе сваім дзюбам варона, седзячы на страсе.

— А ўсё-ж такі і ўставаць пара, — сказаў Сьпірыдон і падняўся.

І дзе-ж то давядзецца выпіць? — думалася Сьпірыдону. У самога ня было і ломанага грошыка, сябры, з якімі ён кампанаваў, ня менш, як ён сам, прыслухоўваліся да сьвербу сваіх насоў, і ўсе свае надзеі таксама клалі на чужую кішэню. Ніхто не запрашаў яго да сябе, але вера ў выпіўку, з прычыны сьвербу носа, была такая вялікая, што Сьпірыдон ні на адзін момант ня думаў над тым, што нос засьвярбеў можа з другой прычыны.

Надзеўшы манішку і прычапіўшы гальштук, Сьпірыдон пачаў шворыцца па закутках сваёй кватэры, шукаючы сьне-