— Ото дзякую, ведама мая! — сказаў Мікалай, сеўшы на воз і пагнаўшы каня. З другога боку таксама і Нічыпар распытваў жанок, ці ня бачылі яго шапкі.
— А якая-ж твая шапка — старая? — спытала адна.
Нічыпар паглядзеў на кабету: жартуе яна, ці не, і гаворыць:
— Равесьніца тваёй хустцы.
Жанчына ўгневалася.
— Няхай сабе і равесьніца, але мая — на галаве, а тваё заткала на шляху валяецца і ніхто ня хоча браць такую брыду.
— Брыда, хай брыда, а знойдзецца — не бяда, — вясёла залаташыў Нічыпар.
— Хто пытае, той ня блудзіць, — сказаў Мікола, здалёк угледзіўшы капялюш.
— Тпрру!..
— Язык век па балоце скача і ня гразьне, дый яшчэ і ў Кіеў у карчму завядзе, — гукнуў і Нічыпар, таксама ўбачыўшы капялюш.
І Мікалай і Нічыпар пазлазілі з вазоў і разам працягнулі рукі да капялюша.
— Ня руш: гэта мая! — асекся Мікалай і тузнуў капялюш.
— Як-то твая? — спытаў Нічыпар
— А так мая: я п‘яны быў і згубіў, вярнуўся і знашоў, дык, значыцца, мая! — упёрся Нічыпар.
— Ну, пусьці! — рвануў дужэй Мікалай.
— Фіў! — сьвіснуў Нічыпар, моцна трымаючы капялюш.
— Ня тузай, парвеш! — злаваў Мікалай.
— Ня рві, патузаеш! — перадражніў Нічыпар.
— Ось, як тузану, то ты і ногі задзярэш! — зусім узлаваўся Мікола і штурхануў Нічыпара плячуком. Нічыпар — Мікалая, і два гаспадары пачалі валтузіцца па полі, ня пускаючы з рук капялюша. Патаміліся абодва, як пеўні. Ні той, ні другі не аднімаў ад капялюша рук. Маўчалі і толькі цяжка саплі, як кавалёвыя мяхі.
— Што будзе? — спытаў Мікалай.
— Нічога ня будзе: адпачынем, дый зноў пачнём баранаваць, — адказаў Нічыпар: — я чалавек такі: біцца не хачу, су-