ЗНАШЛІ
Мікалай ня памятае, як ён запрог каня, як сеў на воз і выехаў з Менску. Суседзі назаўтра казалі, што Мікола сеў упоперак воза, так што адна нага была ў драбінах, а другая выстаўлена на фасон пісталета. Колькі праехаў ён такім парадкам — ня ведаюць, бо Мікалай скора зьнік дзесь на павароце дарогі. Усё гэта ня так ужо важна — ці мала як езьдзілі даўней з кірмашу людзі! — важна было тое здарэньне ў дарозе, якое вымагае таго, каб упамянуць, як Мікола выехаў з гораду. Мікалай, як праз сон, памятае дарогу, тыя крамкі на краю гораду, тыя карчомкі з вывескамі „Піва“, дзе затрымоўваліся сялянскія хурманкі, каб купіць якую-небудзь дробную рэч ў апошні раз папрашчацца з горадам, хлабыснуўшы на дарогу шклянку піва. Мікалаю нічога гэтага ня трэба было, і каб яго хто запытаў тады, што ў яго на карку — качан капусты, гарбуз ці галава, то ён зразу напэўна не адказаў-бы па тэй прычыне, што ён ня чуўся галавы.
Мікалаяў конік, ня чуючы над сабою цьвёрдай гаспадарскай рукі, пачынаў патрошкі лайдачыць: ён ішоў то адным краем дарогі, то другім, то сярэдзінай; дарога-ж была шырокая; а часамі проста спыняўся, адпачываў і толькі азіраўся, ці зважае гэта гаспадар і ці не бярэцца за пугу. Калі-ж яго абганяла чыя-небудзь хурманка, то ён некаторы час ішоў за ёю, каб скубянуць чужога сена або канюшыны. І ўрэшце зусім псаваў сваю канячую натуру, бо пачынаў выцягваць торбы з аўсом. Шукаючы аўсу, ён памацаў торбу з сольлю і выкінуў яе на дарогу. „Купіў ня купіў, а патаргаваць можна“, так мусі быць, разважаў Мікалаяў конь. Праўда, ён дастаў сабе па мордзе, ды ці варта на гэта зварачаць увагу? А Мікалай не