Іван раптам нагнуў галаву і мімавольна падняў калошы портачак: яму здавалася, што ў яго так многа выльлецца сьлёз, што вада ў берагох ня ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: „А-о-о-а-гы!..“ як з таго берагу паказалася з кустоў галава рыбака Сёмкі.
— Гэта ты прышоў пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу!
Іван падняўся і кінуўся наўцёкі. Так і засталіся нявыплаканыя сьлёзы.
Іван асірацеў. Астаўся ён адзін на сьвеце, як тая калатоўка. Быў ён на плытох і ня бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану не ўдалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся ў Амэрыку, другі паехаў у сьвет шукаць шчасьця і долі. А Іван астаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчвэрці зямлі. Была ў Івана на прымеце і дзяўчына. Праз колькі месяцаў пасьля сьмерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на „сёмуху“ было назначана вясельле. За тыдзень перад „сёмухай“ Іван занядужаў. Доўга ён не паддаваўся, перамагаўся, і ўсё-ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад „ушэсьцем“, так пад вечар, Іван зьлёг. Ляжыць Іван, а работа стаіць, рабіць няма каму, хата не падмецена, усюды непарадак. „А нашто ён, парадак гэты?“ — думае Іван: усё роўна ён памрэ; знойдуцца добрыя людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыцьцё шарае, невясёлае жыцьцё, прашло яшчэ раз перад яго вачыма. Што-ж? ён памрэ. Яго закапаюць, і згіне ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца сьлязьмі, як яго будуць несьці на могілкі. І гэта называецца жыцьцё, гэта яго век!.. Адна толькі сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усёю сілаю замучанай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер адплача ён усё гора жыцьця, адстогне ўсю боль: ласьне чалавек ня мае права хоць на адну мінуту, сьветлую мінуту, у жудаснай імгле цёмнага жыцьця?
Іван паправіўся на пасьцелі, зьмяніў палажэньне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што прыгатаваўся ён за-