ПІСАРСКІ ВЕЧАР
Яшчэ за месяц да пісаравых імянін усё панства м-ка В. знала, што пісар першага верасьня імяніньнік, і кожны местачковы пан даўно ўжо вастрыў зубы на гэтыя імяніны.
Усё местачковае панства зьбіралася кожны вечар у каго-небудзь з паноў, піло гарэлку, грала ў карты, абівала свае языкі аб косьці таго, хто ня ўмеў або не хацеў пападаць ім у тон і туляўся іх зборышч.
Гэтак і не агледзіліся, як падышоў дзень імянін. Зачыніўшы манапольку, сядзелец Амяльлян Шурпаты пашоў да пісара. Па дарозе ён клікнуў вурадніка Дарафея Бойку. Пок вураднік зьбіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фэльчарам, і ўся кампанія павандравала да пісара. Амяльлян Шурпаты ўсю дарогу гаварыў сьмешныя рэчы. Яго расказы вядомы былі тым, што ў іх было ў сто раз больш гразі, чым сьмеху і розуму. Але, калі ён ужо надто дацінаў, кампанія хваліла яго. І самаю вышэйшаю хвалою для сядзельца было, калі яго сябрукі скажуць: „А ліха-ж яго матары!“ або: „А бадай ты апруцянеў!“
Пісар Сямён Гаўрылоўскі даўно ўжо чакаў гасьцей, пахаджваючы па пакоі, курачы папяросу і пакручваючы вусы.
У сталоўцы ўжо быў гатоў стол, на якім стаялі бутэлькі і цэлыя горы закускі. Пісар вясёла пазіраў на стол і часамі ўсьмяхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха.
— „Се жаніх градзе!“ — сказаў дзяк, адчыніўшы дзьверы, і ўся кампанія ўвалілася ў пісаравы пакоі.
Госьці яшчэ павіншавалі імяніньніка. Да вячэры паставілі некалькі „банкаў“.