Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трымаў каня за вобраць, упіраўся плячуком у аглоблю, а нагамі ў зямлю і такім парадкам не даваў калёсам занадта разгуляцца. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык — з другога, і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся і каб не паадпадалі плястры з пчоламі. Драбіны былі высланы саломаю, і вулей ляжаў, як пан у вагоне першае клясы, жыватом угару. Даўжнік абвязалі белаю завязкаю, а ў вочка ўваткнулі пучок кулявой саломы, каб праходзіў дух і каб не выляталі пчолы.

Марцін некалькі разоў прыкладаў вуха да вульля, каб паслухаць, як гудуць пчолы. Але там было ціха. Марцін думаў, што вулей таўсты, затым нічога й ня чутно. Гілёрык таксама прыкладаў вуха да вульля з другога боку. Ён чуў як-бы нейкі шум, але і сам ня мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці сам вулей шуміць, шаруючыся аб салому. Каб разагнаць сумненьні, Гілёрык грукнуў, як тапаром, кулаком па вульлі.

— Што ты робіш? — накінуўся на яго Сёмка: — матку ўстрывожыш, дурны ты чалавек!.. Цікавы вельмі!

Тымчасам пад‘ехалі да самага горшага месца і спыніліся. Трэба было зьехаць з гары. Гара была высокая, прыткая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі, а Гілёрыка пасадзілі вярхом на вулей. Гілёрык упёрся нагамі ў крайнія лёсткі, а рукамі ўшчарэпіўся за вулей, каб ня зьехаў. Калёсы наўперад ішлі ціха, а потым давай каціць баржджэй. Марцін няспрытна ступіў і паднёс сваю нагу пад конскі капыт. Марцін зашыпеў ад болю, як вуж, і выпусьціў аглоблю, а сам, кульгаючы і скачучы на аднэй назе, уляпіўся за драбіны.

— Дзяржы! Дзяржы!

Гілёрык бачыць, што ад яго залежыць лёс вульля, і ён, што сілы, налёг нагамі на лёсткі. Лёсткі зламаліся, і Гілёрык грукнуўся патыліцай аб вулей, аж ногі задраліся ўгару, a потым па вульлі зьехаў на сьпіне і стукнуўся галавою ў конскі зад. На іх шчасьце воз ужо скаціўся з гары, і яны адрабіліся адным толькі страхам, калі ня лічыць гуза на Гілёрыкавай патыліцы і садранай скуры на назе Марціна.

III

На Сёмкавым прыгуменьні сабралася цэлая чарада народу. Тут былі мужчыны, жонкі і дзеці. У садзе ў Сёмкі — там была грушка, яблынька і дзьве вішні — стаялі ўжо прыгатаваныя казлы.