КАЛОДКА ПЧОЛ
Тры гаспадары — Сёмка Доўба, Гілёрык Кажан і Марцін Тапчан — сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолах. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Яму першаму прышла ў галаву думка пра пчолы. Мужчыны доўга гаварылі і паддавалі адзін другому ахвоты. А ў гутарцы так надымілі люлькамі, што й галоў іх ня было відаць.
— Калі пашанцуе, то й з аднае калодкі можна разьвясьці пчолкі, — гаварыў Сёмка, абціраючы цыбук проста аб халат.
— Во, гэта, — падхапіў Марцін: — дзіва, што можна! Вунь Кандрат, што кажуць Турэцкая Сьмерць, пазалетась злавіў рой — цяпер ужо мае шэсьць калодак.
— А вы чулі здарэньне з Тацянаю?..
— Чаму-ж ня чулі, — перапынілі Гілёрыка сябры: — дык ты думаеш, што й табе на сьпіну сядзе рой? Не, брат, ня трэба спаць у шапку і чакаць, покі табе пчолы на сьпіну сядуць. Вось у нядзельку паедзем да Язэпа Гавакі і купім калодку „на кумы“.
— Кажуць, у яго рука цяжкая, — заўважыў нясьмела Кажан.
— Баба ты, — накінуўся на яго Сёмка з Марцінам: — верыш дурным бабскім забабонам.
— Верыць ня веру, але гавораць людзі.
— Гавораць людзі! Мала што людзі гавораць! Гавораць, што Мацютава сьвіньня хоча запісацца ў чорнасоценскі саюз рускага народу, — зрэзаў Сёмка Гілёрыка.
Позным вечарам сябры разышліся. Сёмка ўгаварыўся зрабіць козлы на вулей, Марцін узяўся садраць лубок, а Гілёрык павінен быў даць каня зьезьдзіць да Гавакі па пчолы.
Асьцярожна вязьлі мужчыны вулей. Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу і то не па сваёй ахвоце: вулей быў залішне цяжкі (Сёмка гаварыў, што сам вулей каштуе рублі два, а яны з пчоламі далі тры) і пхаў коніка. Сёмка