крыўды ўспомніў ён гэтага самага шэльму, які састроіў кпіны з яго, паказаўшы, як брэша яго сучка. А што было далей? Ці то яму сьнілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў… Тут Тамаш увесь закалаціўся. І вось што цяпер яму ўспомнілася. Было гэта на начлезе. У адным месцы тварылася штось страшнае і няўцямнае. Нейкая сіла (ведама, нячыстая), не давала людзям спаць на гэтым месцы. Сядзяць, гавораць — нічога. А як толькі задрэмлеш, зараз-жа з-пад цябе ляціць к чортавай матары вобраць, шапка, люлька; халат зьдзярэ і закіне так, што ня скора і знойдзеш. Ці ня стаўся і ён, Тамаш, ахвярай чортавай сілы?
Тамаш здрыгануўся: яму стала страшна. Рука яго кранулася чагось мяккага й вільготнага; аглянуўся — купіна; яна нібы заварушылася, і на ёй на момант бліснуў агоньчык. Шапка ўзьнялася, валасы паўставалі на галаве Тамаша, ён усхапіўся і пусьціўся наўцёкі. Але не прабег Тамаш і дзесяць крокаў, як уляцеў у нейкую багну. Тамаш крута павярнуў назад. Лапаць заеўся ў гразь, і нага вылузалася з яго.
Бягучы назад, Тамаш спаткнуўся на купіну і паваліўся. Тут яго апанавала такая злосьць, што ён пачаў таптаць і мясіць нагамі з такою сілаю, што купіна зраўнялася з долам, і толькі чорная пляма асталася сьледам ад гэтай паганкі, Тамаш чуў, што пад нагамі як-бы нешта піснула, але гэта толькі паддавала злосьці. І Тамаш яшчэ доўга, як ашалелы, скакаў па чорнай пляме, падгукваючы:
— By! вy! вy!
Зьніштожыўшы ў канец купіну, Тамаш скруціў дзьве хвігі і сунуў іх у розныя канцы сьвету.
— Вось вам, брладзягі!
У Тамаша зьявілася такая ахвота пакрышыць рэбры яшчэ якому-небудь чорту, што ён, здавалася, і ня рад быў, што на ўсходзе пачынала сьвятлець і што, заміж чорта, звонка паняслося па лузе:
— І-і-га-га-га!
Конскае іржаньне прывяло Тамаша да памяці, і ён пашоў у той бок, дзе былі коні. Прашоўшы колькі вератняў, Тамаш насунуўся на начлежнікаў. Скурчыўшыся ў тры пагібелі, спалі яны вакол таго месца, дзе быў агонь, а на самым вог-