Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТРЫВОГА

I

Ужо два тыдні, як над сялом павіс нейкі страх і трывога, чаканьне чагось страшнага і неадхільнага. А што паслужыла першаю прычынаю, дык гэта — вялікая суш. Як толькі пачалася вясна, ніводнага ня было дожджыку. Пасеянае збожжа ў палёх і агароды гібелі. На гэтым грунце й пашлі ўсялякія гутаркі. То тут, то там на вуліцы зьбіраліся мужчыны і жанкі і разьбіралі прычыны, чаму няма дажджу, тут-жа расказвалі розныя страшныя здарэньні апошніх дзён.

А нядаўна пастушкі бачылі такое дзіва, што і ў лысых падымаліся дыбам валасы: на полі совалася ваўчыца, у якой была чалавечая галава. Апроч гэтага, у лесе, як казалі, туляліся катаржнікі, уцёкшыя з астрогу. Усё гэтае, узятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.

А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахлівага і бязьлівага чалавека, як ён, трудна знайсьці. Баіцца ён воўка, баіцца нябожчыкаў, разбойніка, чорта.

Хоць вы азалаціце яго — ніколі ня пойдзе ён адзін у ночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая часіна, то каню — бяда! І ўжо яго конік сам ведае: чуць толькі пачне зьмяркацца, ён не чакае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для сьмеласьці, выгінаў сваю худую шыю з куртатай грывай і борзда драбязіў таўсматымі ножкамі. А калі Мікалаю даводзілася ў такі час ісьці пяхотам, то ён так шпарка йшоў, што прыходзіў да дому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечарам. Да сяла было яшчэ вярсты тры. На небе ўжо пачалі ўсходзіць першыя зоркі. Раптам з-пад ялоўцавага куста вылецела птушачка. Мікола