Расказвалі людзі, што ў поўнач каля магілы нехта плакаў, праклінаў панскую несправядлівасьць…
Страшна было тут у ночы.
Многа расказаў чуў Міхась пра чарцей. Знаў ён, што п‘яных часта водзяць па лесе чэрці. Знаў, што ад іх можна адхрысьціцца, і яму было і страшна і весела.
І ось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес:
— Чэрці, трасца вашай галаве, сюды ідзеце!
Рэха паняслося па дарозе, пашло па кругламу балоту к Белым Крыніцам і сьціхла каля Кірылавай магілы.
Міхась стаяў і слухаў, як яно гудзела.
І зноў усё стала ціха.
Блішчасты месяц, як кружок залаты, стаяў ужо высака над лесам. Ціха было ў густым бары; закрыла ніз цемната. У Белых Крыніцах нудна пераклікаліся совы. Далёка-далёка, як з-пад зямлі, данасіўся сабачы брэх. І чуе Міхась: нешта загрукатала па дарозе. Прыслухаўся… Гук ня сьціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэньне і скрыпелі.
Міхась пасьмялеў.
Гук і скрып калёс зусім ужо блізка.
Міхась скінуў кажух, вывярнуў уверх шэрсьцю і накінуў на сябе. У шапку ўваткнуў дзьве палачкі заміж рожак і прытуліўся пад хвояй.
Іван спаў, як забіты.
Пад‘ехаў воз.
На возе ляжалі мяхі з мукой, а на мяхох сядзеў селянін. Гэта быў Пятрусь Гвозд, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры восі. Пятрусь вяртаўся з млына; боязна азіраючыся па бокох, ён паганяў каня, каб хутчэй мінуць гэта страшнае месца.
— Стой! — крыкнуў Міхась, выскачыўшы з-пад хвоі і схапіў каня за вобруць.
Пятрусь так і абамлеў.