каліся аб карэньне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Такім парадкам пракаціліся яны вярсты тры. У вадным месцы, каб абыйсьці гразь, конь зьвярнуў з дарогі, усьцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і аставіў драбіны з Пятрусём сярод лесу, а сам паклыгаўся з цялежкамі далей.
Паляжаўшы з паўгадзіны, Пятрусь падняў галаву, цмокнуў і крыкнуў:
— Но-о-о, малы, варушыся!
Было ўжо зусім відна, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву.
— Што за ліха? Што гэта? Дзе-ж гэта я? Тфу! тфу! тфу! Згінь, прападзі!
І Пятрусю ўспомнілася ўсё.
— Што я зрабіў? — загаласіў Пятрусь, заламаўшы на галаве рукі.
Стыд перад жонкаю, перад людзьмі, злосьць на самога сябе, на тых, хто выдумаў гарэлку, прапажа каня, — усё гэта зьвязалася ў адзін цёмны клубок.
— Ну, не сабака-ж я, ня гад, не лайдак? Што я раблю найлепшае? Чаму няма агню на гэту атруту людзкую?!
Зьняў Пятрусь драбіны, сеў на пень.
— Што рабіць, што чыніць?
Папрабаваў быў Пятрусь цягнуць да дому адны драбіны і нават працягнуў іх з паўвератня.
— Не! як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны?
Ён звалок драбіны з дарогі і, апусьціўшы галаву, пашоў да дому. Падышоў ён з вярсту, бачыць — стаіць яго конь, зачапіўшыся лейцамі за корань.
— Конік ты мой, залаценькі! — закрычаў з радасьці Пятрусь і пацалаваў у самую мызу свайго худога мышака.
А потым пацалаваў Пятрусь зямлю і прысягнуў, што ніколі ня будзе піць гарэлкі.