Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут-жа стаялі цэбры, ражкі, вёдры. Усякага было народу. Былі й такія, што нічога ня куплялі і не прадавалі, а прышлі так сабе „на раздабыткі“. Прыдзе сабе ў краму, патупае, патупае, а як што кепска ляжыць, то й запусьціць „ляшча“. А калі яго лавілі, то ён спакойна гаварыў:

— Колькі гэта каштуе, Малка?

Агледзіўшыся вакол, Пятрусь пашоў рабіць свой абход з мяшэчкам і з торбачкамі пад пахаю. Трэба ўзяць солі, мукі, вотрубей.

Куча народу. У сярэдзіне важна сядзіць рускі, разлажыўшы сваіх багоў. У другой грамадзе народ акружыў жыдка з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасьця: клаў дзесяткі і грыўні і круціў. Каму пападаўся кубак, каму мыла, каму іншая рэч, а каму, як кажуць, гула́ асма́леная.

Трэцяя, яшчэ большая грамада народу стаяла каля дому з вывескаю: „Казенная винная лавка № 67“. Тут былі бабы й мужчыны. Хто выбіваў корак з кварты, з паўкварты, а хто, адвярнуўшыся ад людзей, каб не сароміць іх, — з маленькага кручка. З дваццаць людзкіх галоў было задрана ўгару так, што нос прыходзіўся якраз проці самай сярэдзіны неба. Хто піў з вялікай бутэлькі, той трымаўся сьмела: станавіўся на самае віднае месца, падпіраў аднэю рукою бок і важна цягнуў гарэлку.

А калі хто йшоў з „буслам“, — прад тым людзі расступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку.

II

За гоманам трудна разабраць, хто што гаворыць. Вот дзьве бабы: адна аперлася на воз з аднаго боку, другая з другога. Абедзьве выпіўшы. Адна гаворыць груба, другая тонка. Мова першай бабы падобна да кароткіх слоў:

— Ды-ды-ды-ды!

Другая сыпала танчэй і яшчэ скарэй:

— Дэ-дэ-дэ-дэ!

На другім возе сядзяць тры гаспадары. Два з іх абнімаюцца й цалуюцца.

— Братка ты мой! — гаворыць адзін: — твой Алесь — золата, а не чалавек.