што стаяла каля сьвятога Міколы. Мужчыны адабралі ад іх млён і сьвечку.
Нейкі чорт так і цягнуў байцоў аднаго да другога.
Зьляпіліся…
Такая была цікавая бойка, што аж месяц залюбаваўся ёю. Усё сьціхла.
Ужо Мікола быў тры разы на Сымоне і тры разы пад Сымонам, а бой усё ідзе. Патаміліся яны, як пеўні.
— Стой! Стой! — крыкнуў Сымон: — дай абору падвяжу!
У бойцы разьвязалася абора на Сымонавым лапці. Мікола спыніўся.
— Гы-гы-гы! — рагатаў Карусь.
Сымон стаў падвязваць абору, а Мікола стаяў каля яго: чакаў.
— Ну, цяпер! — гукнуў Сымон, паправіўшы лапаць.
Мікола ня даў нават Сымону адсапнуцца і наляцеў на яго, як каршун. Сымон прыгнуўся яшчэ больш і схапіў Міколу ўпол так, што ногі ў Міколы апынуліся ўгары, і так спрытна буркануў Міколу, што той стаў на ногі.
— Чакай, чакай, Сымон! — загаласіў разам Мікола.
І пакуль Сымон агледзіўся, што такое прылучылася, у грамадзе падняўся рогат. Карусь выпусьціў з зубоў люльку, а Базыль выпер рукою шыбу. Усе аж трашчалі ад сьмеху: у Міколы спаўзла ніжняя адзежына.
Нават Сымона праняў сьмех.
— Вось як біцца з Сымонам! — гаварыў ён.
І пакуль Мікола апранаўся, Сымон накладаў у люльку тутун з поглядам чалавека, верх якога быў бясспрэчны.