ДЗЯЛІЦЬБА
Ну, што ты з гэтымі бабамі зробіш?
Калі ў хаце жывуць дзьве бабы, то ўжо спакою няма.
— Гыр-гыр-гыр! гыр-гыр-гыр! — гыркаюцца яны ад самага раньня.
Адна — капач, тая — мешалка. Адна — гультай, другая — няўмека.
Так і кідаюць адна аднэй на вочы.
А як лягуць спаць, то кожная ўсю ноч шэпча на вуха свайму мужыку, — нагаварвае на другую.
Мужчыны толькі скрыва паглядаюць адзін на аднаго. Але, пакуль-што, маўчаць.
Да дзяліцьбы яшчэ далёка. Дзяліцьба ідзе вось у якім парадку: перш-на-перш выступаюць бабы.
Бабы сварацца год, год з палавінаю, а то і цэлых тры. (Мой нябожчык-дзед казаў, што яго нябожчыца-жонка сварылася з яго нябожчыцай-братавай цэлых дванаццаць год!). Наўперад бабы сварацца патроху, — так, гадзіну, дзьве ў дзень.
Потым сварцы адводзіцца больш часу — гадзін 5-6.
Да гэтага часу мужчыны яшчэ маўчаць, набіраюцца толькі злосьці. Мужчыны сварацца часьцей увечар, ці ў сьвяты дзень, бо ў будны часу няма. А бабы тымчасам пачынаюць прабаваць моц сваіх чубоў. Вараць яны ў адной печы, але ў асобных гаршчкох. Дастаецца тут і бедным гаршчком.
А ўжо пасьля жанок б‘юцца мужчыны.
Каб падзяліцца, яшчэ мала пабіцца адзін раз: трэба пабіцца найменш раз восем, каб разы тры засыхала скурка на