Перайсці да зместу

Старонка:У ціхай вадзе (1925).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

KAHTPAKT

З жыцьця пінчукоў

I

Хата старасты Рамана Карэня была паўнютка людзей. Сюды часта такі зьбіраліся паляшукі пагутарыць аб сваіх справах. Апрача таго, Раман і сам часта склікаў сялян, каб аб‘явіць ім волю валаснога начальства.

Вось і сягоньня Раман паклікаў паляшукоў на сход. Чуць толькі сьцямнела, пачалі зьбірацца паляшукі. Скора іх націскалася поўная хата. Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстыя кіпці, і ў хаце падняўся такі дым, што ня можна было пазнаць трэцяга чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою.

Покі зьбіралася „законнае чысло“ людзей, каб сход мог мець сілу, паляшукі гулі, як рой пчол. Адзеты яны былі — хто ў доўгія халаты, хто ў кажухі з шырокімі, як засланка, каўнярамі. Усе яны былі ў лапцях, з голымі грудзьмі, хоць на дварэ крапіла зіма. Адны сядзелі, другія стаялі. Нізкі, з рыжаю бародкаю, Сымон Тачына жартаваў з Алёнаю, стараставаю жонкаю, покі яна ня сунула яму, сьмяючыся, качаргу ў рыжую бараду. Кандрат Лата пакепліваў з Дзямяна Трубы, як яго поп спавядаў летась і закамандваў за грэх прывезьці тры вазы дроў.

— Які ты грэх зрабіў, Дзямян?

— Што ступіў, то і саграшыў, — сказаў Дзямян.

Стараста ўжо некалькі раз падымаўся на ўслон, пытаў, ці ўсе сабраліся, лаяў Кастуся Рылку, што той доўга ня йшоў.

— Ну, ужо ёсьць больш як тры чвэрці гаспадароў, — сказалі сяляне.