Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кватэру, а я зараз канчаю лекцыю і пушчу хлопцаў на абед... А можа вам цікава пазнаёміцца з маёю школаю, то будзьце ласкавы.

Саханюк больш з далікатнасьці прайшоўся між вучнёўскіх лавак, заглядаючы на грыфелевыя дошкі і на цятрадзі вучняў, а потым прыпыніўся каля шафы з кнігамі і слухаў, як колега вёў работу і якія адказы давалі вучні.

Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Запытаньні адно за другім так і сыпаліся да вучняў, а сьледам за гэтымі пытаньнямі выклікаліся вучні. Вучні давалі досыць добрыя адказы.

— Можа паэкзаменуеце маіх вучняў? — спытаў Лабановіч Саханюка.

Саханюк махнуў рукою, даючы гэтым знаць, што ён ня мае ніякіх запытаньняў.

— Схавайце кнігі! — зьвярнуўся Лабановіч да вучняў.

Дзеці борзда пахавалі кнігі і дошкі.

— Малітву!

Школа хорам прасьпявала малітву прад абедам. З шумам рынуліся дзеці на вуліцу і запоўнілі яе сваімі звонкімі галасамі.

— Ну, як вам падабаецца мая школа?

— А нічога, добра! Добра!.. Вы, відаць, многа працуеце?

— Працаваць-то прыходзіцца. Толькі мне ўсё здаецца, што ў маёй працы чагосьці не стае і што я раблю ня так, як трэба.

Настаўнікі ўвайшлі ў пакойчык.

— Э, плюньце вы на гэта, — прамовіў Саханюк: — навучылі чытаць, пісаць і задачы разьвязваць і — шабаш! Вы думаеце мэдаляў заслужыце? Або сьвет гэтым перавернеце? Інспэктар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй.

— А як вы сваю школу пакінулі?

— А дзе яна дзенецца? У лес не пабяжыць, — адказаў, сьмяючыся, Саханюк.