гледзячы ёй усьлед, сама сабе ківала галавою і сьмяялася доўгім ціхім сьмехам.
— Сьмешная, вясёлая паненка! — зазначала сабе бабка.
Апавяданьні бабкі аб дому пана падлоўчага рабіла моцнае ўражаньне на маладога настаўніка. Вобраз гэтай пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленьні, а цікавая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. Гэта трагедыя людзкога жыцьця авявала і вобраз панны Ядвісі ў нейкую няясную заслону тайнасьці цёмнай палескай глушы. І сама гэта глуш усё выяўней прымала свой асабісты воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыцьцём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людзкім лёсам.
Астаючыся на адзіноце з самым сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў сваіх думках, і гэта размова была такая простая, цікавая, бо яна ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і сьмяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта добрае, прыемнае ўліваецца ў яго душу і грэе яму сэрца.
Але пры спатканьні з Ядвісяю ён ніколі ня выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Ні-то сарамяжлівасьць яшчэ чыстага сэрца, ні-то нейкая асьцярога стрымлівала яго, каб выказаць ёй усё, што было на сэрцы.
XIX
У скорым часе посьле таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсэвіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна зьдзіўлены, угледзіўшы на парозе свае школы высокую сухарлявую фігуру хатаўскага настаўніка. Перш-на-перш ніяк не чакаў яго ў госьці, асабліва ў будны дзень.
— Зд’ястуйце! — прамовіў Саханюк, прычым губы і вочы сьмяяліся вясёлым сьмехам.
— Што, не чакалі мяне? — спытаў ён, павітаўшыся з колегаю.
— Ніяк не чакаў, — зьдзіўлена адказаў Лабановіч: — ну, тым прыемней бачыць вас тут, Заходзьце-ж, калі ласка, у