Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але як-бы там ні было, панна Ядвіся часамі забягала на колькі мінут да старой Мар’і, не за тым, каб паскардзіцца на свой смутак, а проста пагутарыць з ёю. Забягала яна ў тыя часы, калі Лабановіч быў на лекцыях, і то ўкрадкам, з усімі перасьцярогамі, каб не спаткацца з настаўнікам. Бабка была кабеціна добрая, чулася на чужое гора і ўмела знайсьці тыя простыя жывыя словы, што йшлі да душы, гаілі і заспакойвалі яе. Гэтыя забачэньні іх доўгі час адбываліся цішком ад настаўніка, і бабка, як ні была яна гаворкая, ніколі не казала аб гэтым «панічу», хоць яна таксама была моцна адданая яму.

Што-ж цягнула панну Ядвісю да гэтае простае кабеціны? Трэба сказаць, што старая паляшучка была бабка добрая, спагадная і сваім простым сэрцам разумела яна, чаго бракавала маладой дзяўчыне, так рана страціўшай родную матку. Водгук на чужое гора жыў у яе сэрцы, бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана астаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсьці тыя добрыя словы і выразы, што так гаюча йдуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Скуль-жа бяруцца гэтыя сілы, гэтыя ўласьцівасьці іх душы? Напэўна з гэтых крыніц свайго гора і цяжкага змаганьня з жыцьцём за свае людзкія правы, з гэтай цэльнасьці наіўнай веры ў справядлівасьць расплаты на тым сьвеце за ўсе пакуты на зямлі.

З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік, як ён часамі пакрыкваў на вучняў, сярдуючы на іх няцямлівасьць або ня ў меру падняты шум, каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як вёў сябе з вучнямі. А тонкая сьцяна між кухняю і школаю пазваляла чуць усё, што рабілася ў школе. Ядвіся часта прыпыняла гутарку са старожкаю і прыслухвалася. Як толькі канчалася лекцыя і школа адразу ўздыхала вальней сваім шумам, Ядвіся, даўшы бабцы знак маўчаць, як спуджаная дзікая пташка, кідалася ў дзьверы і зьнікала між будынін свайго двара, адкуль часта чуўся яе малады сакавіты голас і звонкая песьня. А бабка,