І, панізіўшы голас, як-бы баючыся, каб яе хто не пачуў, бабка казала:
— Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў! У нябожчыцы пані былі пышныя валасы. Як распусьціць, бывала, чорныя косы, дык чуць не да долу валасы зьвісалі... Ой, была жанчына, няхай са сьвятымі супачывае яе душачка! Сама я, панічыку, бачыла, як біў яе раз пан. Узяў яе за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў ужо ў пакоі, то людзі таго ня бачылі.
— Завошта-ж ён біў яе?
— Ой, панічыку, натура ў пана цяжкая! Ой, цяжкая натура! Калі ўжо ссунуцца бровы і вусы абвіснуць, ну, тады дабра не спадзявайся. Як-бы на яго што надыдзе. А так чалавек ён ня кепскі. І пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасьмяецца. Папросіш чаго, ніколі не адмовіць. І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. А дзеці прыціхнуць, бы тыя пташкі ў гнязьдзе, калі над імі каршун пралятае... Ня даў бог долі беднай пані. Старшай паненцы тады толькі дзесяты гадок пайшоў. А бяз маткі, панічок, самі ведаеце, цяжка жылі. Праз год жаніўся пан другі раз. Добрая пані, што казаць, панічок, але для дзяцей — ня родная
Такія вынікі сямейнага жыцьця балюча адклікаліся на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі, але яна была дзяўчына сукрытая, мела характар замкнёны і ня жалілася на сваю долю. Дый каму было тут жаліцца? І смутак дзяцінства яка глыбока затаіла ў сваім сэрцы, каб аб ім нават не дагадваліся людзі, бо пры ўсёй мяккасьці свае натуры панна Ядвіся была гордая дзяўчына, і толькі на адзіноце з сабою давала яна волю сваім невясёлым думкам. Аб чым тады думала яна? А пэўна былі ў яе тыя-ж думкі, якія бываюць і ў нявольніка за мураванымі сьцянамі, якому так прынадна ўсьміхаецца воля. Розьніца толькі ў тым, што гэта воля добра вядома яму, тады як жыцьцё за межамі гэтых панурых лясоў і зацятых у сваім выразе балот Палесься было для Ядвісі яшчэ ня зусім ясным і, стала быць, больш парывальным і прыгожым.