душы разьбіць нейкія граніцы і вырвацца на бязьмежныя прасторы яшчэ нідзе няіснуючай волі?
Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя і напісаныя часамі на гэтых камлёх тваіх прысад?
— Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! — казаў Турсэвіч сябру, паказваючы з ганку свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі: — які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнку і колькі ў ім рознастайнасьці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!
— Я аднаго не разумею, — сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы ўвесь краявід: — у нас столькі прыгоства, столькі багацьця формаў і фарбаў, і край наш вялікі і рознастайны, а мы ня бачым, ня хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд, як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках па географіі ня знойдзеш больш-менш сталага апісаньня Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расіі. Чым яна слаўна? Нічым. Вось балоты там ёсьць ды яшчэ на ўвесь сьвет вядомая хвароба — каўтун. І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблён, шаблён пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы зьмест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! — Слова «стыдаемся» Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраза яго твару зьмянілася, а ў вачох загарэўся агеньчык нейкай злосьці. У ім абудзіўся цяпер, скарэй інстынктыўна, чым сьвядома, протэст проціў зьняважаньня і прыгнячэньня нацыянальных правоў народу, і ён, як сын гэтага народу, з якім ён чуў цесную сувязь, стаў на абарону гэтых правоў.
— Кожны народ мае свой гонар. Ангелец перад усім сьветам горда зазначае: я — ангелец! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыяк, расіец і іншы прадстаўнік другое нацыі. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народу, як нацыі, многа выліта памыяў, уся істота яго прыніжана, і мова яго