Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А ўсё-ж такі я з табою не згаджаюся.—адказаў Турсэвіч.

— А калі-ж у спрэчках згаджаюцца? Згодзішся, калі аб гэтым добра падумаеш. А цяпер давай хіба спаць, бо, здаецца, ужо пачало разьвідняцца.

XVI

Шырокі гасьцінец з двума радамі старых бяроз зьбягаў з горкі раўнюсенечкаю сьценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым гусьцей здаваліся гэтыя разьвіслыя тоўстыя бярозы, усё болей і болей зьніжаліся яны, а потым захіналіся ў адзін шнур і замыкаліся сабою самымі, як-бы яны ўпіраліся ў лес і хаваліся за лінію небасхілу.

Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прывольных старасьвецкіх шляхох Беларусі. Шырока і размашыста прылягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы, губэрні і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых мотываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожніка! З якою нязвычайнаю сілаю парываюць яны да сябе і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў і якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны? Ці ня гэта, нікім паказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што йшлі і ехалі па гэтых шляхох і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапіс часоў, так глыбока западае ў тваю душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму і грознаю маланкаю жахнуць гэту цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная і страшная бясконцасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымболямі якіх зьяўляюцца гэтыя шляхі, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем і кліча яе зьліцца з бяскрайнасьцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездаваленьня людзкога, таемны покліч да шуканьня другіх формаў жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то — парываньне