Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны зьвязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця, і не даюць ёй ходу там, дзе трэба разгарнуць сваю дзейнасьць, каб дашукацца прычыны. І такім чынам, праз сям’ю, а потым і праз школу, наш розум прывучаецца пасыўна ўспрыймаць такія зьявы, якія далёка не дасьледжаны і не растлумачаны. Дзяцей часта асякаюць старэйшыя ў сям’і, яны прыстаюць з запытаньнямі, то вельмі наіўнымі, то часамі занадта замыславатымі. А несьвядомыя настаўнікі ў школах таксама забіваюць у вучнях усё тое, што не ўкладаецца ў асадках падручнікаў або выходзіць за межы знаўства самых пэдагогаў. А гэта, усё разам узятае, вядзе да таго, што мы пападаем пад абладу слоў і ня маем волі для протэсту проці гвалтоўнасьці над нашым розумам.

Лабановіч слухаў сябра, згаджаўся з ім, як-бы Турсэвіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу.

— Ведаеш, брат, — сказаў ён: — вельмі добра хоць зрэдка сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвясьці душу. А то жывеш у гэткай глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін, і думкі розныя бываюць; мігатнуцца ў тваёй галаве, як цень па зямлі ад лёгкай хмаркі, і забудуцца, як-бы асуджаныя на зьніштажэньне. А гэты дробны клопат штодзённага жыцьця, няцікавага, часта пустога і нікчэмнага, прыніжае цябе, выціскае з цябе ўсё больш вартаснае. І вось цяпер, як я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне сьпярша, пачынае здавацца мне варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэньне, як-бы я ў ёй або яна ў мне чуем няпрыяцеля. Чым болей жыву я там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне ня хопіць сіл.

Лабановіч замоўк і задумаўся. Вочы яго сталі нярухлівы і пазіралі ў нейкі адзін пункт. Перад ім устаў вобраз панны Ядвісі.

«Не, брат: ня ведаеш ты, чым мне міла гэта глуш, ды я табе пра гэта не скажу», — сам сабе думаў Лабановіч. Турсэ-